11/06/2012

(ПО) ЭТИЧЕСКИЙ ПУТЬ: Змястоўныя пункцiры, альбо Цi даводзiлася вам чытаць беларускае хайку?

Наш (па) этычны шлях распачаўся цудоўным вершам i роздумам аўтара ramonka пра беларускую мову. I сапраўды, калi ўжо размаўляць на ёй не даводзiцца, то хаця б чытаць… Не так даўно заўважыла за сабой, што мне стала падабацца чытаць на беларускай мове (шчыра прызнаюся, раней такога не было). А зараз я адчуваю асалоду ад самога працэсу чытання не менш, чым ад зместу прачытанага. Каб i вы адчулi гэта ж самае, прапаную вам пазнаёмiцца з вершамi Алеся Разанава, нашага сучаснiка. Для мяне яго паэзiя стала сапраўдным адкрыццём, сапраўдным адлюстраваннем таго, на што здольная наша мова.



Алесь Разанаў, увогуле, даволi значная фiгура ў беларускай паэзii. Гэта паэт-наватар, паэт-эксперыментатар, разбуральнiк традыцыйных форм i канонаў. Вынiк яго творчых пошукаў – надзвычай змястоўныя i глыбокiя творы з адмысловай паэтычнай будовай.



НАВОБМАЦАК

Мы рухаемся навобмацак.
Калі настае дзень — мы заўважаем,
што нам светла,
калі настае ноч — заўважаем, што
цёмна,
калі адхіляемся з дарогі,
калі забягаем наперад альбо калі адстаём —
тады непазбежна вяртаемся на
ранейшае месца.
Мы рухаемся з адной цяперашнасці ў
другую і як сваю долю прымаем тое, што
ёсць.
Наша дарога праходзіць праз нашы
сэрцы,
кожны наш крок — гэта крок за небакрай,
і ў кожным нашым імгненні змяшчаецца ўвесь час.

Сапраўды, незвычайна, адмыслова. Адчуваеце, як кожнае слова адгукаецца ў вашым сэрцы?..

Алесь Разанаў распрацаваў беларускі верлібр, ўзбагаціў беларускую паэзію ўнікальнымі жанрамі: версэты, вершаказы, квантэмы, пункціры.

Цудоўная рэч пункціры – мініяцюрныя вершы з 3-6 радкоў, якiя вельмi падобныя па сваiм складзе на японскiя хайку. Па словах самога аўтара, яго пункцiры – гэта «назіранне, думка, вобраз, тое, што заўважылася вакол сябе ў рэчаіснасці, што пастукала ў тваю душу, што блізка падступілася». Тое, што прайшло пункцiрам па сэрцы паэта i адгукнулася ў вашым.

Тут вы знойдзеце ўсё: i роздумы аб вечным…

Усё мінае,— сказаў мудрэц,
і ўсе з ім згадзіліся.
Аднак засмяяўся непадалёку дзіцёнак,
і ўсе, азірнуўшыся, ўспомнілі:
і настае.

… i паглыбленнi ў самога сябе…

Наведваюся ў мясціны,
дзе ўжо некалі быў,
і не ведаю, як растлумачыць
дрэвам, людзям, сабе самому,
што ўжо мяне двое,
і не ведаю, чым запоўніць
прагал паміж мною гэтым і тым.

… i назiраннi за навакольным светам…

Хаваецца дзень
У кожным
акне па сонцы. 

* * * 


У вечаровым аўтобусе
чуваць урыўкі людскіх размоў...
Зрэшты, усе размовы
урыўкі чагосьці.

… i сцвярджэнне велiчы чалавека, каштоўнасцi чалавечага iснавання…

Мы — насенне жыцця.
Мы вырастаем людзьмі.
Аднак бесперастанку шукаем
і час, і месца,
каб вырасці цэлым светам.

* * *

Ёсць лепшыя за мяне,
ёсць горшыя,
але сам я
ні лепшы, ні горшы —
адзіны,
угледзьцеся...—
чалавек
моўчкі кажа людзям.

* * *

Калі прыходжу на раздарожжа
і чытаю на камені
надпісы-перасцярогі —
разумею,
што чалавеку нічога не застаецца,
як, зрэшты, выбраць
тую дарогу, якая яго спакон веку чакае,—
дарогу ўгору.

… усё, аб чым вы калiсь думалi, ператворанае ў цудоўныя паэтычныя радкi. 


Болей вершаў Алеся Разанава можна знайсцi тут:


Альбо прыходзьце да нас у бiблiятэку за паэтычнымi зборнiкамi, каб скласцi найбольш поўнае уражанне аб творчасцi майстра беларускага паэтычнага слова.



I напрыканцы – проста чароўны пункцiр аб кнiгах:

Стаю перад кніжнай паліцай,
гляджу, не чапаючы іх, на кнігі —
чытаю сваю душу.

соответствующие Должности Плагин для WordPress, Blogger...